ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

кірунак, які даследуе псіхічныя з’явы з пункту гледжання іх функцый у прыстасаванні арганізма да навакольнага асяроддзя. Узнікла ў канцы 19 ст. пад уплывам эвалюцыйнага вучэння. Прадстаўнікі Ф.п. — М.М.Ланге (Расія), Т.​Рыбо (Францыя), Э.​Клапарэд (Швейцарыя), К.​Штумпф, О.​Кюльпе, К.​Марбе, Н.​Ах, К.​Бюлер (Германія) і інш. У амер. Ф.п., заснаванай У.Джэмсам, вылучаюць чыкагскую (Дж.Дзьюі, Дж.​Энджэл, Г.​Кар) і калумбійскую (Р.Вудвартс) школы. Прыхільнікі Ф.п. разглядалі псіхалогію як навуку пра функцыі свядомасці ў працэсе адаптацыі да зменлівага прыроднага і сац. асяроддзя. Акрамя свядомасці сфера даследаванняў Ф.п. ахоплівала паводзіны (прыстасавальныя дзеянні), іх матывы, механізмы навучання і інш. Ф.п. паўплывала на развіццё эксперым. псіхалогіі; з развіццём біхевіярызму ў 1920-я г. страціла навук. ўплыў.

т. 16, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)